У Офісе Ціханоўскай не пацвярджаюць пераезд у Польшчу

Святлана Ціханоўская з дарадцамі — Франакам Вячоркам і Дзянісам Кучынскім

Святлана Ціханоўская з дарадцамі — Франакам Вячоркам і Дзянісам Кучынскім / прэс-служба Ціханоўскай

У Офісе Святланы Ціханоўскай не пацвярджаюць інфармацыю пра пераезд у Польшчу. Пра гэта ў каментары Еўрарадыё заявіў дарадца лідаркі дэмсіл Дзяніс Кучынскі.

"Інфармацыя пра магчымы пераезд у Польшчу не з'яўляецца пацверджанай. Офіс Святланы Ціханоўскай і Святлана Ціханоўская працягваюць працаваць у штатным рэжыме", — паведаміў Кучынскі.

Ён расказаў, што цяпер Ціханоўская з удзельнікамі сваёй каманды знаходзіцца ў Осла на ўручэнні Нобелеўскай прэміі. Пасля гэтага яна адправіцца ў Рым — для атрымання прэміі разам з прэм'ер-міністаркай Італіі Джорджай Мелоні.  

Пасля гэтага лідарка беларускіх дэмсілаў вернецца ў Вільню, дзе на наступным тыдні запланаваны шэраг мерапрыемстваў — у прыватнасці, калядны прыём.

"Таму мы працягваем працу ў ранейшым рэжыме. Знаходзімся на сувязі з літоўскімі калегамі. Зараз Святлана Ціханоўская знаходзіцца пад апекай Літвы, пад апекай службы бяспекі Літвы. Мы знаходзімся на сувязі з літоўскімі калегамі, чакаем больш падрабязную інфармацыю па мадальнасці, па сістэме аховы — тое, што мы абмяркоўвалі і раней", — расказаў Кучынскі.

Інфармацыя пра магчымы пераезд Офіса Святланы Ціханоўскай у з Літвы ў Польшчу з'явілася ў сераду ў СМІ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.