У НХЛ дэбютаваў першы беларускі брамнік
Аляксей Коласаў / x.com/NHLFlyers
У НХЛ дэбютаваў першы беларускі брамнік — Аляксей Коласаў. "Філадэльфія" прайграла "Манрэалю" — 3:4. Коласаў зрабіў 20 сэйваў пасля 24 кідкоў (адсотак адбітых кідкоў — 83.3, каэфіцыент надзейнасці — 4.13). Эксперты назвалі дэбют беларуса "някепскім".
А абаронца Трэвіс Сэнхайм пасля гульні распавёў аб праблемах у камунікацыі з Аляксеем Коласавым на лёдзе — беларусу не хапае ведаў англійскай мовы: "Абаронцы размаўляюць, і відаць, што ён не да канца разумее, што мы гаворым, і ў выніку закідваюць пару шайбаў".
Коласаву 22 гады. У Беларусі ён гуляў за мінскае "Дынама" і "Дынама-Маладзечна", за нацыянальную зборную. За акіян адправіўся вясной 2024-га і спачатку выступаў у АХЛ за фарм-клуб "Філадэльфіі". У галоўную каманду яго выклікалі з-за няўдалай гульні іншых брамнікаў.
Аляксей Коласаў стаў 16-м беларускім хакеістам, які згуляў у НХЛ.