Расійскі хакеіст гуляў за зборную Беларусі без пашпарта

Брамнік Сяргей Бальшакоў

Брамнік Сяргей Бальшакоў / hockey.by

Масквіч Сяргей Бальшакоў правёў некалькі матчаў за хакейную зборную Беларусі. Пры гэтым беларускага грамадзянства ў брамніка няма дагэтуль, піша betnews.by.

Сяргей Бальшакоў нарадзіўся ў Маскве. Пяць гадоў таму ён апынуўся ў Беларусі, дзе гуляў у "Юнацтве" і "Дынама". Пасля нядоўгага расійскага перыяду Бальшакоў аказаўся ў жлобінскім "Металургу". Расіяніна выклікалі на пару таварыскіх турніраў, у складзе зборнай ён правёў тры матчы, у якіх прапусціў 10 шайбаў.

Сам брамнік прызнаецца, што нават не ведае, якое грамадзянства ў Беларусі: "У мяне пашпарта няма беларускага. Я нават не ведаю, як яно правільна. Я ўжо колькі гадоў у Беларусі і не разумею, якое тут правільнае грамадзянства, якое няправільнае і як тут увогуле ў мяне гэта атрымалася".

Спартовец кажа, што ў яго дазвол на жыхарства ў Беларусі. Нядаўна Бальшакоў падаўжаў яго на дзесяць гадоў.

"Я хацеў атрымаць беларускі пашпарт, каб выступаць за зборную. Але мы не ўдзельнічаем ні на чэмпіянаце свету, ні на Алімпіядзе, ні на іншых міжнародных буйных турнірах. А на, так бы мовіць, маленькіх, як мне сказалі, дастаткова дазволу на жыхарства", — тлумачыць хакеіст.

Бальшакоў кажа, што быў бы гатовы атрымаць беларускі пашпарт і гуляць за зборную, але, маўляў, не бачыць зацікаўленасці з боку каманды. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.