У Мёрскім раёне найбольш распаўсюджанае правапарушэнне — "экстрэмізм"
Нарада ў Мёрах / mijory.by
У Мёрскім раёне Віцебскай вобласці найбольш распаўсюджанае правапарушэнне — "распаўсюд матэрыялаў экстрэмісцкага характару". Пра гэта на нарадзе з мясцовымі ідэолагамі паведаміў пракурор раёна Андрэй Вяцюгаў. Відаць, затрыманні адбываюцца падчас праверак на прадпрыемствах. Пракурор сказаў, што "варта нагадаць супрацоўнікам прадпрыемстваў пра адказнасць за такія правапарушэнні".
А начальнік РАУС Андрэй Панін кажа, што "адной з прычын правапарушэнняў з'яўляецца недасведчанасць насельніцтва". Паводле яго слоў, разам з пракуратурай "праваахоўныя органы займаюцца прадухіленнем праяў экстрэмізму ў рэгіёне". Сярод "экстрэмістаў" шмат моладзі. Таму на нарадзе прысутнічалі адказныя за арганізацыю работы з моладдзю ў арганізацыях раёна.
У Беларусі за пяць гадоў рэпрэсій налічылі 22,5 тысячы "экстрэмісцкіх злачынстваў". Летась у Следчым камітэце гаварылі, што "экстрэмісты" — "людзі цалкам добрапрыстойныя".