У МУС створаць аддзел рэформаў і развіцця

У Міністэрстве ўнутраных спраў адбываецца спланаваная эвалюцыйная аптымізацыя. Пра гэта кіраўнік ведамства Ігар Шуневіч распавёў у інтэрв'ю праграме "Контуры" на тэлеканале АНТ. Перадача выйшла ў эфір увечары 5 сакавіка.
Па словах міністра, аптымізацыя МУС грунтуецца на высновах работы, якую правяла камісія Савета бяспекі.
"Сама аптымізацыя прапануе як мінімум два этапы, можа быць нават тры часовыя. Яна вядзе да перагляду штатнай колькасці ўсіх падраздзяленняў МУС і ўсіх функцый, якія выконвае Міністэрства ўнутраных спраў. Усё рудыментарнае, лішняе і празмернае мы скасуем", — заявіў Шуневіч.
Міністр паведаміў, што ў яго ведамстве будзе створаны аддзел рэформаў і развіцця. Ён і будзе займацца аптымізацыяй МУС у адпаведнасці з задумай, пазначанай у дакладной Савета бяспекі.