У Мінску ўрачыста святкуюць 100-годдзе беларускай міліцыі

У Мінску ўрачыста святкуюць 100-годдзе беларускай міліцыі

У Мінску праходзяць урачыстыя мерапрыемствы з нагоды 100-годдзя беларускай міліцыі. Пачаліся яны з параду падраздзяленняў Міністэрства ўнутраных справаў у цэнтры сталіцы, удзел у якім прыняў Аляксандр Лукашэнка. У шэсці прынялі ўдзел болей за 1,2 тысячы чалавек і 46 адзінак аўтамабільнай і мотатэхнікі.

Органы ўнутраных справаў заслужылі высокую ацэнку ўсяго беларускага народа, заявіў Лукашэнка, выступаючы на ўрачыстым парадзе. Ён сказаў пра “самаадданасць і сілу духа” айчынных праваахоўнікаў.

“У Беларусі ганарацца ўсімі, хто беражэ гонар мундзіру, з’яўляючыся ўзорам асабістай прыстойнасці і прынцыповасці. Тут цэняць сапраўдных прафесіяналаў, якія годна выконваюць свой абавязак. Вы пакліканыя ўвасабляць найлепшыя чалавечыя якасці: адказнасць, мужнасць і гатовасць прыйсці на дапамогу ў любую хвіліну”, — сказаў кіраўнік краіны.

Таксама Лукашэнка адзначыў, што супрацоўнікі МУС сёння захоўваюць найлепшыя традыцыі і назапашаны досвед і паспяхова падтрымліваюць высокі ўзровень правапарадку ў краіне.

“Злачыннасць адступае толькі там, дзе эфектыўна дзейнічаюць усе элементы праваахоўнай сістэмы. Таму, умацоўваючы органы ўнутраных справаў, мы ўдасканальваем і іншыя складнікі нацыянальнай бяспекі. Толькі ў комплексе ўсе пераўтварэнні могуць даць неабходны і чаканы грамадствам вынік”, — цытуе Лукашэнку БЕЛТА.