У Мінску раскрылі серыю разбойных нападаў на кур'ераў
Яна была зафіксаваная ў 1998-2004 гадах. Праваахоўнікам доўгі час не ўдавалася выйсці на след злачынцаў.
У Мінску раскрылі серыю разбойных нападаў на кур'ераў, якая была зафіксаваная ў розных раёнах у 1998-2004 гадах. Удзельнікі злачыннай групы ў масках і пальчатках адбіралі ў кур'ераў бытавую тэхніку, якую яны везлі на замову, грошы, іншыя каштоўныя рэчы. Пры гэтым пагражалі рэвальверам. У двух выпадках зламыснікі забіралі ў кур'ераў аўтамабілі, якія пазней пакідалі ў іншых раёнах горада.
Праваахоўнікі высветлілі, што кватэры, у якіх нападалі на кур'ераў, арэндаваліся па падробленых дакументах праз трэціх асобаў на кароткі тэрмін. Зламыснікі аказаліся добрымі канспіратарамі, з-за гэтага на іх след удалося выйсці толькі нядаўна.
Як інфармуе прэс-служба Следчага камітэта, была атрыманая інфармацыя пра мінчука, які жыве ў Барысаўскім раёне, і можа мець дачыненне да нападаў на кур'ераў. У яго быў знойдзены рэвальвер. Неўзабаве сталі вядомыя прозвішчы траіх іншых удзельнікаў злачыннай групы. Усе яны прызналіся ў здзейсненым, дваіх з іх пакінулі пад вартай. Прызначаныя экспертызы. Ёсць верагоднасць, што менавіта з гэтага рэвальвера ў 1997 годзе быў забіты мужчына. Расследаванне працягваецца.
Фота: ria.ru