У Мінску на аўкцыён выставілі спарткомплекс з убудаванай царквой

Спарткомплекс з царквой

Спарткомплекс з царквой / blizko.by

Праз аўкцыён у Мінску прадаюць спартыўны комплекс з убудаванай царквой. Гэта будынак фізкультурна-аздараўленчага комплексу ЗАТ "Атлант" па вуліцы Сапёраў, 5.

На чацвёртым паверсе ў ім размяшчаецца праваслаўная царква, а на даху — залачоны купал з званіцай. Продаж будынка праз аўкцыён заўважыла выданне Blizko.by.

Пабудавалі гэты комплекс у канцы 1990-х на тэрыторыі завода "Атлант" паводле праекта архітэктаркі Алы Прасяной. Ініцуыятарам стаў тагачасны дырэктар завода Леанід Калугін, які стаў актыўным прыхаджанінам праваслаўнай царквы.

У спартыўным комплексе — некалькі залаў: трэнажорная, гімнастычная, залы для адзінаборстваў, фітнэсу, настольнага тэніса, а таксама більярдная. Ёсць таксама пакой для дартса, дзве саўны з басейнам, масажны і касметычны кабінеты, цырульня, кафэ-бар і нават швейнае атэлье. Агульная плошча будынка — амаль 12 тысяч квадратных метраў.

Стартавая цана комплексу на аўкцыёне — 22,6 мільёна рублёў.

Аўкцыён адбудзецца 15 жніўня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.