У Мінску мужчыну штурханулі пад цягнік, распачалі крымінальную справу
У Мінску двое мужчын сутыкнуліся на платформе, у выніку адзін штурхануў другога на рэйкі пад цягнік рэгіянальных ліній (ён ехаў са сталіцы ў Маладзечна). Здарэнне адбылося на прыпынку "Масюкоўшчына". Мужчына атрымаў траўмы, ён знаходзіцца ў бальніцы, паведаміў сайту sputnik.by прадстаўнік прэс-службы МУС Аляксандр Марчанка. Паводле яго слоў, абодва ўдзельнікі інцыдэнта — мясцовыя жыхары.
Крымінальную справу распачалі па артыкуле "Прычыненне цяжкага або менш цяжкага цялеснага пашкоджання па неасцярожнасці" (арт. 155 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Па ім могуць асудзіць на абмежаванне волі на тэрмін да двух гадоў.