У Мінску мужчына атакаваў дзверы выбарчага ўчастка і ўдарыў міліцыянера

4 жніўня ў Мінску затрымалі 43-гадовага мужчыну, які атакаваў дзверы аднаго з выбарчых участкаў у Кастрычніцкім раёне. Як паведамляе ў Telegram прэс-служба Следчага камітэта, ён прыйшоў у абедзенны перапынак, калі ўваход быў зачынены, і з нейкай прычыны наносіў удары, разбіў шкло. Відавочцы выклікалі міліцыю.
Калі на месца прыехалі міліцыянеры, мужчына знаходзіўся там жа. Яны пацікавіліся ў яго пра прычыны ўчынку. Хуліган у адказ нанёс удар аднаму з міліцыянераў у галаву.
Сілавікі палічылі, што мужчына знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення. Ад медасведчання ён адмовіўся. Крымінальную справу распачалі па артыкулах "хуліганства" і "гвалт у дачыненні супрацоўніка органаў унутраных спраў".
4 жніўня ў Беларусі быў першы дзень датэрміновага галасавання на прэзідэнцкіх выбарах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.