У Мінску кіроўца-бяспраўнік ездзіў па ксеракопіі правоў

Супрацоўнікі сталічнай ДАІ выявілі кіроўцу, які ездзіў па ксеракопіі правоў. На вуліцы Трасцянецкай патрульныя спынілі Citroen, які рухаўся з перавышэннем хуткасці. Кіроўца машыны пагадзіўся з парушэннем і паказаў інспектару свае дакументы — пасведчанне кіроўцы, талон, страхоўку. На аўтамабіліста склалі пратакол, але ў супрацоўнікаў ДАІ ўзніклі сумневы наконт сапраўднасці яго дакументаў.
Асобу кіроўцы праверылі па базах дадзеных і выявілі, што ён пазбаўлены правоў на шэсць месяцаў за перавышэнне хуткасці, а пасведчанне і талон да яго здадзеныя ў ДАІ да 14 кастрычніка.
Інспектару ён паказаў пасведчанне старога ўзору, якое даўно не выкарыстоўваецца, вельмі няякасна адсканаванае і раздрукаванае, з няроўна абрэзанымі краямі. А замяняльнікам талона стала звычайная каляровая тонкая папера са слядамі кепскай склейкі і сумнеўнымі подпісамі.
Цяпер аўтамабіліста чакае адказнасць за падробку дакументаў, за якую можна атрымаць абмежаванне волі тэрмінам да двух гадоў, інфармуе Onliner.by