У Мінску адкрылі кітайскі стадыён, а Лукашэнка прапанаваў паставіць помнік Сі

7 чэрвеня на новым Нацыянальным стадыёне прайшла першая гульня / abff.by
7 чэрвеня ў Мінску на новым Нацыянальным стадыёне адбыўся матч-адкрыццё паміж моладзевымі зборнымі (U-21) Беларусі і Кітая. Гульня завяршылася ўнічыю — 1:1 — прычым беларусы забілі аўтагол.
Перад гульнёй выступіў Аляксандр Лукашэнка, які заявіў, што тут трэба паставіць помнік Сі Цзіньпіну:
— Мы афіцыйна адкрываем велічэзны помнік. Я сказаў на ўваходзе: самы час паставіць тут помнік майму сябру Сі Цзіньпіну. Таму што менавіта дзякуючы яму кітайцы за свой кошт пабудавалі гэты стадыён. Як сказаў міністр, такіх у Еўропе мала, — адзначыў Лукашэнка.
Паводле афіцыйнага пратаколу, на гульні быў аншлаг — 33 145 гледачоў.



Хто будаваў арэну і хто будзе гуляць на Нацыянальным стадыёне?
Стадыён будавалі кітайцы, пачаўшы працы летам 2020 года. Пасля першых актыўных месяцаў, будаўніцтва замерла на некалькі гадоў. Актыўную фазу аднавіла ўлада ў 2024 годзе.
Арэна мае ўнікальнае для Беларусі поле. Газон умацаваны спецыяльнай тэхналогіяй “прашыўкі” натуральнай травы сінтэтычнымі валокнамі.
З-за ўдзелу ў вайне ва Украіне Беларусь у 2022 годзе трапіла пад санкцыі УЕФА. Зборная Беларусі і беларускія клубы ўсё яшчэ могуць удзельнічаць у турнірах УЕФА, але ім забаронена праводзіць міжнародныя матчы на тэрыторыі Беларусі.
На новым стадыёне зборная Беларусі па футболе не можа праводзіць афіцыйныя гульні. Але можа ладзіць таварыскія матчы.
Цікава, што спачатку беларускія ўлады абвясцілі, што першай гульнёй стане матч супраць зборнай Расіі. Але праз кароткі час заявілі, што спачатку стадыён апрабуюць кітайскія футбалісты.
Тым не менш, матч з Расіяй чыноўнікі гучна назвалі “матчам-адкрыццём”. Хоць фактычна, як бачым, матчам-адкрыццём стала сустрэча моладзевых зборных, перад якой выступаў Лукашэнка.
На арэне, пабудаванай кітайцамі, таксама могуць праводзіцца матчы Кубка Беларусі, чэмпіянату Вышэйшай лігі і Суперкубка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.