У мінскім метро памянялі ўмовы спісання грошай пры аплаце банкаўскай картай

Умовы спісання грошай пры аплаце банкаўскай карткай у мінскім метро мяняюцца, паведамляе прэс-служба метрапалітэна.
Цяпер некалькі аплатаў, учыненых на працягу 48 гадзін, будуць аб'яднаныя ў адну транзакцыю з адначасовым спісаннем з рахунку.
У метро кажуць, што цяпер у адну транзакцыю можа быць аб'яднана не больш за тры паспяховыя аплаты праезду. Адна паездка каштуе 65 капеек, таму сума адной транзакцыі не перавышае 1,95 рубля.
"Карыстальнікі сэрвісу могуць адсочваць свае паездкі і аплату ў асабістым кабінеце на сайце paybycard.by", — удакладняюць у адміністрацыі метрапалітэна.
Аплочваць праезд у метро банкаўскімі карткамі стала магчыма на ўсіх станцыях метро з 12 чэрвеня. Па звестках работнікаў метрапалітэна, за няпоўныя два месяцы пасажыры аплацілі праезд такім спосабам больш за мільён разоў.