У Мінск прыбыў кіраўнік Рассельгаснагляду
Кіраўнік федэральнай службы РФ па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе (Рассельгаснагляду) Сяргей Данкверт знаходзіцца з візітам у Беларусі.
Як паведамляе БелаПАН, расійскі чыноўнік правядзе перамовы з міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанідам Зайцам, галоўным ветэрынарным інспектарам Юрыем Піваварчыкам, а таксама дырэктарам Галоўнай дзяржаўнай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Леанідам Пляшко.
Сярод іншага на перамовах будзе абмяркоўвацца, як не дапусціць рээкспарт з тэрыторыі Беларусі ў Расію забароненага харчавання, а таксама праблема барацьбы з афрыканскай чумой свіней.
Нагадаем, на мінулым тыдні Расія на год забараніла імпарт шэрагу сельскагаспадарчых і харчовых тавараў з краін, якія ўвялі санкцыі супраць расійскіх чыноўнікаў і арганізацый. Пад санкцыі трапілі ЗША, дзяржавы ЕС, Канада, Аўстралія і Нарвегія. У адпаведны спіс увайшлі ялавічына, свініна, птушка, садавіна, гародніна, сыры і малочная прадукцыя, арэхі і іншыя прадукты.
Дарэчы, на 13 жніўня запланаваны візіт беларускай дэлегацыі ў Маскву. Там павінны прайсці перамовы з віцэ-прэм'ерам Расіі Аркадзем Дварковічам наконт паставак беларускіх прадуктаў харчавання ў РФ.
Фота — rg.ru