У Маладзечне перад Днём дэсантніка адключылі фантан
У Маладзечне з 30 ліпеня не працуе фантан "Папараць-кветка", піша mlyn.by. Там ідзе рамонт.
Па словах в.а. начальніка цэха водазабеспячэння КУП "Маладзечнаводаканал" Аляксандра Маршалковіча, у фантане купаліся дзеці, якія разбілі плітку і пашкодзілі тры ліхтары падсвятлення. Для рамонту ў фантане спусцілі ваду. Плітку ўжо замянілі і цяпер чакаюць замоўленыя ліхтары.
Запрацуе фантан бліжэйшымі днямі, калі падсохне выкладзеная плітка, запэўнівае Маршалковіч.
Вінаватых у пашкоджанні мяркуецца прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці.
Дарэчы, 2 жніўня сваё свята адзначаюць Паветрана-дэсантныя войскі. У гэты дзень яны традыцыйна купаюцца ў фантанах. Маладзечанскім дэсантнікам, верагодна, давядзецца шукаць іншы спосаб святкавання.