У Магілёве сутыкнуліся аўтобус і тралейбус
Пры аўтааварыі пацярпелі дзве пасажыркі.
У Магілёве, на Пушкінскім праспекце, насупраць Палаца культуры вобласці 6 красавіка адбылася аўтааварыя. Як піша "СБ — Беларусь сегодня", кіроўца аўтобуса маршрута №238 "Магілёў — Усход" сутыкнуўся з тралейбусам, які спыніўся перад пешаходным пераходам.
У выніку аварыі давялося шпіталізаваць дзвюх пасажырак тралейбуса. 13-гадовую васьмікласніцу шпіталізавалі ў дзіцячую траўматалогію з пашкоджаннем звязак ногі. А 37-гадовую жанчыну паклалі ў нейрахірургію гарадской лякарні. Паведамляецца, што жанчына ў момант сутыкнення аўтобуса і тралейбуса павалілася і стукнулася галавой.
Прычыны аварыі яшчэ высвятляюцца. Паведамляецца, што дасведчаны 52-гадовы кіроўца аўтобуса ў нейкі момант страціў увагу, не абраў бяспечную дыстанцыю і ўрэзаўся ў тралейбус.
Фота з сацыяльных сетак