У Літву з Беларусі прыляцеў дрон "Гербера" — СМІ
Дрон, які прыляцеў у Літву / Узброеныя сілы Літвы
Лятальны апарат, які прыляцеў у Літву з Беларусі і зваліўся каля мяжы, — гэта расійскі беспілотны лятальны апарат "Гербера". Пра гэта паведамляе Delfi са спасылкай на ўласныя крыніцы.
Такія дроны ўжо год выкарыстоўваюць расійскія войскі ў вайне супраць Украіны. Гэта спрошчаная і больш танная версія іранскага дрона-камікадзэ Shahed-136. "Гербера" даволі танная, таму можа выкарыстоўвацца як фальшывая цэль, каб ускладніць працу СПА праціўніка.
У каментары LRT старшыня камітэта Сейма па нацыянальнай бяспецы і абароне (КСНБА) Гедрымас Яглінскас выказаў меркаванне, што з'яўленне дрона можа быць звязанае з вайсковымі вучэннямі ў Беларусі.
"Мы ведаем, што ўзброеныя сілы Беларусі праводзяць пэўныя вучэнні. Я мяркую, што гэта разглядалася як цэль, якую трэба было збіць, але, верагодна, нешта не атрымалася", — адзначыў палітык.
Ён дадаў, што яшчэ рана казаць аб правакацыі супраць Літвы: "Трэба дачакацца большага аб'ёму інфармацыі, павінна прайсці расследаванне. Трэба сачыць за сітуацыяй і давяраць нашым разведвальным структурам, якія, хутчэй за ўсё, дадуць найбольш дакладную інфармацыю бліжэйшым часам".
Як паведамлялася раней, у першай палове дня ў Літву з тэрыторыі Беларусі заляцеў невялікі лятальны аб'ект. Спярша паведамлялася, што гэта дрон "Шахед". Потым літоўскія памежнікі заявілі, што аб'ект падобны да самаробнага самалёціка.