У Літве пакупнікі байкатуюць гандлёвыя цэнтры (фота)

У Літве пакупнікі байкатуюць гандлёвыя цэнтры (фота)

З 10 па 13 траўня ў Літве ладзіцца акцыя “Не пайду ў супермаркет тры дні”. У ёй удзельнічаюць як простыя жыхары, так і малочныя кааператывы. Прычына ў росце коштаў на прадукты, паведамляе літоўскі партал DELFI.

Прадстаўнікі малочных кааператываў у знак салідарнасці бясплатна раздаюць малако ў некалькіх гарадах Літвы. Яны кажуць, што прадаюць свой прадукт па 8-15 еўрацэнтаў за літр, а ў крамах ён каштуе амаль у дзесяць разоў даражэй.

У сацсетках людзі актыўна дзеляцца фотаздымкамі, на якіх бачна, што ў вялікіх крамах амаль няма людзей.

Прадстаўнікі гандлёвых сетак, падагульняючы вынікі наведвальнасці, кажуць, што падчас першых дзён акцыі абарот быў меншы, чым тыдзень таму, але, магчыма, прычына не толькі ў байкоце.

“Мы бачым, што ўчора кліентаў усёй сеткі MAXIMA было на 5% менш, чым у мінулы аўторак. Аднак, дадзеныя за 10 траўня, былі падобныя на дадзеныя за аўторкі ў іншыя месяцы. Праўда, учора назіралася некаторае пераразмеркаванне плыняў: у некаторыя крамы Maxima ўчора прыйшло менш людзей, чым звычайна, але ў іншыя, наадварот, прыйшло больш або столькі ж людзей. Гэта агульная тэндэнцыя”, — кажа прэс-сакратар сеткі Maxima Рэната Саўлітэ.

Прэс-сакратар сеткі Rimi Lietuva Гедрэ Бельскітэ сказала, што 10 траўня ў іх крамы прыйшло на 8% менш пакупнікоў, чым тыдзень таму.

“Мы заўважылі, што асабліва скарацілася колькасць пакупнікоў у рэгіёнах, у буйных гарадах розніцы мы не адчулі. Акрамя таго, на гэта магла паўплываць не толькі акцыя. Гэта звычайныя ваганні, яны залежаць ад надвор’я, акцыяў у канкурэнтаў, “Еўрабачання” ці чэмпіянату па баскетболе. Да прыкладу, у мінулую пятніцу, калі стала цёпла, продажы выраслі на 10-15%, а падчас дрэннага надвор’я — продажы падаюць, бо людзі не хочуць выходзіць з дома”, — кажа Гедрэ Бельскітэ.

Удзельнікі байкоту маюць рашучы настрой і ў сацсетках заклікаюць не кідацца ў крамы адразу пасля заканчэння акцыі:

“Самае галоўнае — не кідацца ў крамы і пасля 12 траўня. Rimi Hypermarket у Вільні і Коўне 12 траўня робіць 20% зніжкі на ўсё; 14 траўня ў Maximа. Такія зніжкі! Давайце не здавацца!” — напісала адна з удзельніц пратэстаў.