У Літве не бачаць прыкмет таго, што РФ ці Беларусь могуць напасці на краіны NATO

Гедрымас Яглінскас / lrt.lt
На сёння не бачна ніякіх прыкметаў таго, што Расія ці Беларусь могуць напасці на краіны NATO. Пра гэта заявіў старшыня Камітэта нацыянальнай бяспекі і абароны (КНБА) Сейма Літвы Гедрымас Яглінскас.
Так ён пракаментаваў заяву прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, які на саміце ў Вільні ў панядзелак заклікаў лідараў Бухарэсцкай дзявяткі і Паўночных краін спытаць у сваёй разведкі пра планы Беларусі падчас вучэнняў "Захад-2025".
"Наша разведка выдатна бачыць, што адбываецца ў Беларусі. Разведка краін NATO бачыць, што адбываецца ў Беларусі. І цяпер няма ніякіх прыкмет таго, што Расія ці, тым больш, Беларусь маглі б, былі б у сілах распачаць канвенцыянальную атаку на краіны NATO", — цытуе lrt.lt словы літоўскага палітыка.
Меркаванне Яглінскаса падтрымаў намеснік старшыні КНБА, былы міністр абароны, кансерватар Лаўрынас Кашчунас. Ён заявіў, што натаўская разведка не бачыць нечага нестандартнага, чаго нельга кантраляваць. Словы Зяленскага ён патлумачыў тым, што Украіна, якая зазнала напад з тэрыторыі Беларусі, знаходзіцца ў стане вайны і "бачыць усё нестандартна".
Раней Мінабароны Беларусі заявіла, што адвядзе вучэнні "Захад-2025" ад межаў з заходнімі краінамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.