У Лідзе затрымалі “рабаўладальніка”

Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на тэлеканал АНТ, малодшаму з 16 нелегалаў — 19 гадоў, старэйшаму — 29. Следчыя высветлілі, што ў Ліду групу азіятаў прывёз 48-гадовы мясцовы жыхар, які займаецца грузаперавозкамі. За пэўную плату прадпрымальнік паабяцаў пераправіць в’етнамцаў у Літву. Аднак пазней ці то перадумаў, ці то не змог гэтага зрабіць. Ён пасяліў нелегалаў у сваім гаражы.

Спачатку перавозчык карміў сваіх гасцей, а пасля прымусіў іх адпрацоўваць харчы. Яны капалі траншэі за гаражом і разбіралі аўтатранспарт. Знаходжанне замежнікаў было старанна замаскіраванае ад чужых вачэй. За 10 дзён ніхто не даведаўся, што сусед эксплуатуе нелегалаў.

Цяпер прадпрымальніку давядзецца адказваць па дзвюх крымінальных справах: арганізацыя канала незаконнай міграцыі і выкарыстанне рабскай працы. Азіятаў у сваю чаргу прыцягнулі да адміністратыўнай адказнасці за парушэнне міграцыйнага заканадаўства. Цяпер яны знаходзяцца ў ізалятары Лідскага памежнага атраду і чакаюць дэпартацыі ў Маскву.