У Лідскім раёне абрынуліся руіны папулярнай у турыстаў сядзібы

Руіны сядзібы ў Дзікушках

Руіны сядзібы ў Дзікушках / тг-канал "Спадчына"

У вёсцы Дзікушкі ў Лідскім раёне абваліліся руіны сядзібы ХІХ стагоддзя.

"Усё, сядзібы Грабоўскіх у вёсцы Дзікушкі Лідскага раёна больш няма ў тым выглядзе, які палюбіўся аматарам даўніны — Vandra паведаміў, што за некалькі гадзін да іх прыезду абрынуўся паркавы фасад з франтонам і калонны порцік",піша тг-канал "Спадчына".

У тг-канале адзначаюць, што фасад шмат гадоў "проста вісеў у паветры, невядома якім цудам утрымліваючыся ад абвальвання".

Дарэчы, у 2022 годзе актывісты звярнуліся ў лідскі райвыканкам з прапановай правесці першасную кансервацыю рэштак сядзібы. Прапаноўвалася закласці цэглай праёмы і выпаўшы прасценак на першым паверсе, каб зберагчы сядзібу ад далейшага разбурэння. "Рашэнне, якое не патрабуе ніякіх грошай — куб любой цэглы, цэмент і дзень працы будаўніка", — адзначае "Спадчына".

Аднак лідскія чыноўнікі ў адказ паведамілі, што такі варыянт кансервацыі "не мае права на існаванне, бо можа нанесці яшчэ большы ўрон культурнай каштоўнасці".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.