Пад Акадэмію КДБ у Мінску выкапалі гіганцкі катлаван

Катлаван Акадэміі КДБ на месцы Залатагорскіх могілак у Мінску

Катлаван Акадэміі КДБ на месцы Залатагорскіх могілак у Мінску / спадарожнікавыя здымкі Google Earth Pro

Сэрвіс Google Earth Pro абнавіў спадарожнікавыя здымкі беларускай сталіцы. На новых кадрах можна разгледзець маштабы будаўніцтва Акадэміі КДБ на месцы Залатагорскіх могілак. Здымкі датаваныя 26 верасня 2025 года. На іх звярнула ўвагу "Наша Ніва".

На іх бачна, што гіганцкі катлаван заняў амаль усю вольную тэрыторыю квартала. Гэта азначае, што пад каўшамі экскаватараў апынулася большая частка гістарычных Залатагорскіх могілак, якія існавалі тут яшчэ з канца XVIII стагоддзя. У савецкі час надмагільныя помнікі былі знесеныя, але самі пахаванні засталіся на месцы.

Раней СМІ і каталіцкія актывісты паведамлялі, што будаўнікі знаходзяць чалавечыя косткі. Аднак невядома, ці яны вывозяць іх і часова складуюць недзе, ці перадаюць на перапахаванне. Таксама невядомы і лёс надмагільных камянёў, выяўленых на месцы будаўніцтва. Захоўваць іх закон не абавязвае, таму яны могуць быць выкінутыя як звычайнае будаўнічае смецце.

Будаўніцтва Акадэміі КДБ парушае адразу два законы. Закон "Аб пахаванні і пахавальнай справе" нават пасля пераносу парэшткаў (чаго тут зроблена не было) забараняе ставіць будынкі на месцы могілак — дазваляюцца толькі зялёныя насаджэнні.

Парушаны таксама Кодэкс аб культуры і зацверджаны Мінкультам праект зон аховы. Участак на Залатой Горцы ўваходзіць у ахоўную зону, дзе забараняецца капітальнае будаўніцтва, а на тэрыторыі саміх могілак нельга пракладаць нават інжынерныя сеткі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.