Расія, прапаганда і замоўчванне. Крынжы ў новым падручніку па гісторыі Беларусі
Новы падручнік па гісторыі Беларусі / Belsat
"Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі" — новы прадмет у беларускай школьнай праграме для 10-11 класаў. Ужо вясной 2026 года выпускнікі будуць здаваць па ім экзамены.
Еўрарадыё пагартала падручнік, і выявіла, што ён стаў нашмат больш палітызаваным і ідэалагізаваным, стаўшы інструментам для прамывання мазгоў.
Што новага?
Тое, што прадмет моцна змяніўся, заўважылі настаўнікі і рэпетытары.
— Задумка добрая, але рэалізавана дрэнна — падручнік атрымаўся вельмі скамечаным, — кажа настаўнік гісторыі Мікалай, з якім Еўрарадыё пагутарыла на ўмовах ананімнасці.
Першае, што кідаецца ў вочы — гэта апошнія главы падручніка для 11 класа, якія закранаюць найноўшы час. Напрыклад, тэма "Расійская Федэрацыя" вынесена асобнай главой, а "Прэзідэнцкая рэспубліка — гістарычны выбар беларускага народа" займае адразу два параграфы. Ёсць і тэма з назвай "Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі".
Пра гвалт з боку сілавікоў, фальсіфікацыі выбараў, тысячы палітычных зняволеных і іншыя рэпрэсіі складальнікі падручніка не згадалі.
Дарэчы, пытанні аб падзеях 2020 года ўжо дадалі ў тэсты для рэпетыцыйнага тэсціравання, а значыць — падобныя пытанні з'явяцца і на ЦТ.