Вакол калоніі ў Глыбокім зацвердзілі зоны гістарычнай аховы
Калонія ў былым манастыры ў Глыбокім / t.me/spadczyna
Міністэрства культуры сваёй пастановай ад 23 кастрычніка зацвердзіла праект ахоўных зон былога Беразвецкага базыльянскага кляштара ў Глыбокім. Гэта заўважыў тг-канал "Спадчына"
Іронія ў тым, што ў былым каталіцкім кляштары цяпер размяшчаецца папраўчая калонія №13.
Тым не менш, на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці забаронена новае будаўніцтва — акрамя аднаўлення страчаных гістарычных будынкаў. Таксама забаронена павелічэнне габарытаў дысгарманічнай забудовы — такой называецца КПП турмы і крыло, прыбудаванае да кляштарнага корпуса. Перад манастыром забаронена будаваць ці рэканструяваць будынкі вышэй за 7 метраў.
"Але хацелася б, каб на схему былі нанесены абрысы страчаных пабудоў і тыя будынкі, якія замінаюць іх аднаўленню, таксама былі прызнаныя дысгарманічнымі", — пішуць у тг-канале.
Будынак кляштара быў узведзены ў сярэдзіне XVIII стагоддзя ў традыцыях віленскага барока.