Ініцыятыва MALDZIS выкупіла першую беларускамоўную мапу Беларусі
Ініцыятыва MALDZIS набыла мапу Аркадзя Смоліча / t.me/maldzisworldby
Ініцыятыва MALDZIS выкупіла мапу Беларусі, створаную Аркадзем Смолічам і надрукаваную ў Вільні ў 1919 годзе.
Гэта першая беларускамоўная мапа нашай краіны. Яе аўтар Аркадзь Смоліч — адзін з бацькоў-заснавальнікаў БНР і першы прафесар геаграфіі ў БССР. Навуковец быў арыштаваны ў чэрвені 1930 года па сфабрыкаванай справе "Саюза вызвалення Беларусі", а ў чэрвені 1938-га яго расстралялі ў Омскай турме.
Як паведамляе ініцыятыва, мапу набылі ў Польшчы ў прыватнага калекцыянера на сродкі беларускіх ахвярадаўцаў Дар’і Сліж і Іллі М.
У будучыні мапу плануецца перадаць у Клічаўскі краязнаўчы музей у якасці грамадскага падарунку.
Таксама ініцыятыва MALDZIS разам з выдавецтвам Gutenberg і студыяй Imago.by падрыхтавала лімітаваную падарункавую копію карты Смоліча. Яе можна набыць на сайце выдавецтва Gutenberg.