У лідара Партыі БНФ Кастусёва — падазрэнне на анказахворванне
У лідара Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, узятага пад варту, выявілі падазрэнне на анказахворванне. Пра гэта інфармагенцтву БелаПАН распавяла яго дачка Кацярына Кастусёва.
64-гадовы Рыгор Кастусёў знаходзіцца пад вартай у СІЗА №1 у Мінску. Там ён прайшоў медыцынскае абследаванне.
"13 ліпеня абаронца пабывала ў бацькі. Праз адваката бацька перадаў інфармацыю для грамадскасці. Яго стан здароўя пагоршыўся, прыйшоў вынік аналізу на ПСА (тэст на вызначэнне ўзроўню анкамаркера раку ў крыві. - Заўвага.). У Рыгора Андрэевіча паказчык ПСА вышэй за норму ў два разы — 8 адзінак пры норме 4", — расказала дачка.
Па яе словах, Рыгор Кастусёў прасіў праз адваката дапамогі для шпіталізацыі ў профільную лякарню. Ён асцерагаецца, што ў яго развіваецца пухліна. Па словах дачкі, у 2012-2016 гады палітык ужо назіраўся ў медыкаў з гэтай жа нагоды і тады хваробу ўдалося прыпыніць.
Са спасылкай на лекара палітык перадаў, што з Рэспубліканскай бальніцы для асуджаных яго гатовыя выпісаць у бліжэйшыя дні. Гэта значыць, што яго вернуць у СІЗА КДБ.
Адвакат звязвалася са следчым і прасіла прыняць усе меры, каб Кастусёў атрымаў якаснае медыцынскае абслугоўванне.
Кастусёва вінавацяць у змове з мэтай захопу ўлады. Яго затрымалі ў красавіку — адначасова з юрыстам Юрасём Зянковічам і літаратуразнаўцам Аляксандрам Фядутам.
2 ліпеня палітыка экстранна шпіталізавалі з СІЗА КДБ у бальнічную камеру СІЗА №1 ("Валадаркі"). У яго з'явіліся праблемы з сэрцам, ціскам, ацёкі канечнасцяў, дыхавіца, зблытаная свядомасць. Кастусёў расказаў, што 17 начэй ён вымушаны быў спаць на падлозе, пад "шконкай" іншага затрыманага, бо для яго не знайшлося спальнага месца.