У консульства ў Дубаі звярнуліся па дапамогу больш за 30 беларусаў

МЗС Беларусі

МЗС Беларусі / sb.by

Больш за 30 грамадзян Беларусі звярнуліся па дапамогу ў консульства ў Дубаі.

Дыпламаты "прапрацоўваюць розныя варыянты іх вяртання, у тым ліку і з удзелам нацыянальнага авіяперавозчыка", кажа прэс-сакратар МЗС Руслан Варанкоў. І дадае: "Грамадзяне могуць арганізаваць зваротны вылет на агульных падставах".

Калі перакласці з чынавенскай мовы на чалавечую, гэта азначае, што беларусы павінны самі паклапаціцца пра свой вылет з праблемнага рэгіёна.

Вяртанне на радзіму з Дубая стала для беларусаў праблематычным пасля таго, як пачалася ізраільска-іранская вайна. Авіякампанія FlyDubai адмяніла рэйсы ў Мінск, каб не рабіць аблёт закрытай для палётаў тэрыторыі. Засталіся толькі рэйсы ў Маскву.

Учора стала вядома пра беларуску, якая разам з сынам захрасла ў Дубаі, бо авіякампанія FlyDubai адмяніла рэйс у Мінск, запланаваны на 14 чэрвеня. Паводле яе, расійскіх турыстаў актыўна вывозяць, а беларускія турысты засталіся без варыянтаў.

Квіткі да Мінска праз "Белавія" можна купіць толькі на 22 чэрвеня, і каштуюць яны ад 4800 рублёў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.