У Клімавіцкім раёне патанулі два браты — паслізнуліся і ўпалі ў ваду

Трое дзяцей патанулі ў Клімавіцкім раёне за адзін дзень, 26 траўня. Спачатку трагічны выпадак адбыўся на вадасховішчы ў вёсцы Сабалёўка. Два браты гулялі каля дамбы. Мяркуецца, што яны паслізнуліся і ўпалі ў ваду (па іншай версіі, упаў малодшы, а старэйшы яго спрабаваў выратаваць). Цела 6-гадовага хлопчыка знайшлі мясцовыя жыхары, а цела 11-гадовага брата паднялі з 4-метровай глыбіні ў 5-7 метрах ад берага вадалазы, інфармуе БЕЛТА.
Яшчэ адно дзіця патанула ў крэйдавым кар'еры каля Клімавічаў. 13-гадовая дзяўчынка гуляла каля берага і раптам апынулася ў вадзе. Яе выцягнулі на бераг людзі, якія там адпачывалі, але выратаваць жыццё не ўдалося. Прэс-служба Следчага камітэта дадае, што дзяўчынка была на беразе з двума знаёмымі. Калі яна пачала тануць, то пацягнула за сабой 11-гадовага хлопчыка. Але яго выцягнуў з вады яго 12-гадовы сябар.