У Клецкім раёне двое прыяцеляў кралі каналізацыйныя люкі

Клецкая міліцыя раскрыла крадзеж каналізацыйных люкаў каля аграгарадка Грыцэвічы. Пра знікненне накрывак з каналізацыйна-насоснай станцыі паведаміў майстар мясцовага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Аператыўнікі-міліцыянты знайшлі каля адкрытых калодзежаў сляды абутку і па іх вызначылі, што яны належаць мясцоваму жыхару. У хляву яго дома знайшлі скрадзеныя люкі з насоснай станцыі, а таксама яшчэ шэсць накрывак, скрадзеных у іншым месцы. Мужчына прызнаўся, што меў прыяцеля-напарніка, з якім і прысабечыў люкі. Усяго яны скралі 14 люкаў, па 32 кілаграма кожны.

Цяпер зламыснікам паграджае да 4 гадоў турмы, інфармуе БЕЛТА.