У Кіеве ўжо 17 загінулых, сярод іх чацвёра дзяцей. Наступствы начной атакі

Наступствы начной атакі / Кіеўская ваенная адміністрацыя
Ахвярамі начной атакі Расіі на Кіеў сталі 17 чалавек, паведамляе Кіеўская ваенная адміністрацыя. Сярод ахвяр — чацвёра дзяцей.
Атакаваны былі адразу некалькі раёнаў украінскай сталіцы. У адным з іх удар прыйшоўся па жылым пяціпавярховым доме, частка якога знішчаная. Пад заваламі ўсё яшчэ могуць знаходзіцца людзі, працягваюцца ратавальныя працы. У горадзе няма ніводнага раёна, які б не пацярпеў ад гэтай атакі.
Заўтра, 29 жніўня, у Кіеве аб’яўлены Дзень жалобы ў памяць пра ахвяр.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі звярнуўся да лідараў краін, якія да гэтага часу не выказалі выразнай пазіцыі ў вайне — сярод іх далёкі Кітай і суседняя з Украінай Венгрыя.
"Кітай неаднаразова заклікаў да непашырэння вайны і да спынення агню. Гэтага няма — праз Расію. Мы чакаем рэакцыі Венгрыі. Смерць дзяцей павінна выклікаць дакладна больш эмоцый, чым што-небудзь іншае. Мы чакаем рэакцыі кожнага ў свеце, хто заклікаў да міру, а цяпер часцей маўчыць, чым займае прынцыповую пазіцыю", — напісаў Зяленскі ў сваім афіцыйным тэлеграм-канале.
Ён падкрэсліў, што былі сарваны ўжо дзясяткі магчымасцяў для завяршэння вайны праз дыпламатыю і заклікаў да новых санкцый супраць Расіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.