Лукашэнка радуецца, што "прыстойна падрэзалі крылы" беларусам з "картай паляка"
Жыхары Камянецкага раёна слухаюць Аляксандра Лукашэнку, 1 жніўня 2023-га / president.gov.by
1 жніўня падчас паездкі ў Камянецкі раён Брэсцкай вобласці Аляксандр Лукашэнка згадаў ўладальнікаў "карты паляка". "Мы яшчэ раз вернемся да гэтай праблемы. Трэба паглядзець, якія наступныя крокі рабіць", — сказаў ён. Адпаведнае даручэнне атрымала Адміністрацыя прэзідэнта.
"Не хочацца пакрыўдзіць і людзей, таму мы робім акуратныя крокі, — працягвае развіваць думку Лукашэнка. — Людзі павінны жыць свабодна на сваёй зямлі, у сваім грамадстве, каб яны выказвалі пазіцыю сваю, нікога не баяліся. У адваротным выпадку навошта такая дзяржава, дзе будуць ціснуць людзей. Вельмі важна не перагнуць палку".
І адначасова ён гаворыць: "Што тычыцца карты паляка, ну мы прыстойна падрэзалі крылы гэтым людзям" і "Трэба ціскануць так, каб гэтых з картай паляка...".
"Карта паляка" — дакумент, які пацвярджае польскае паходжанне чалавека і дае некаторыя неграмадзянскія правы ў Польшчы. Па звестках польскага боку, дакумент на мінулы год атрымалі больш чым 130 тысяч грамадзян Беларусі. Аляксандр Лукашэнка змагаецца з "картай паляка" з моманту яе з'яўлення ў 2007-м, але не вельмі паспяхова. Летась барацьба актывізавалася, а сёлета вядомыя выпадкі, калі сілавікі патрабавалі ад беларусаў здаваць "карты паляка".
Згадаў Лукашэнка і магчымасць пазбаўлення палітычных апанентаў грамадзянства Беларусі. З яго слоў вынікае, што "грамадзянства можна пазбаўляць толькі тых ворагаў, якія змагаюцца супраць нашай краіны". Атрымліваецца, што "ворагам", якія не змагаюцца, гэта не пагражае.