У ініцыятыўную групу Бабарыкі запісаўся 10 101 чалавек

У ініцыятыўную групу Бабарыкі запісаўся 10 101 чалавек

У ініцыятыўную групу Віктара Бабарыкі запісаўся 10 101 чалавек. Пра гэта сам прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду паведаміў у сваім Telegram-канале.

"Вось мы і скончылі прымаць заяўкі на ўключэнне ў ініцыятыўную групу. Тых, хто пакінуў заяўку пасля паўночы, мы таксама пастараемся ўлічыць і ўключыць у спісы. Нас 10 101!!!" — напісаў Бабарыка. 

Нагадаем, што заяўку на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы прэтэндэнт падаў у апошні магчымы дзень — 15 траўня. У ёй было 560 подпісаў. Аднак да канца 17 траўня ў Бабарыкі заставалася законная магчымасць дапоўніць сваю ініцыятыўную групу.

У выніку яго група стала другой па колькасці. Першае месца трымае Аляксандр Лукашэнка: у яго ініцыятыўнай групе заяўлена больш за 11 тысяч чалавек.

"Гэта не проста поспех, гэта няхай маленькая, але вельмі важная перамога. І ў першую чаргу гэта перамога над сабой. Я выдатна разумею, як складана было вам зрабіць гэты крок: пераадолець унутраныя страхі і перажыванні, нявер'е і сумневы, ляноту і абумоўленую заканадаўствам няпэўнасць маёй пазіцыі па многіх важных пытаннях. Але вы зрабілі гэта, а значыць вы — пераможцы! Велізарны ўсім дзякуй!" — дадаў Бабарыка.  

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.