У Гродне асудзілі на 7 гадоў зняволення дырэктарку турфірмы
Суд прызнаў жанчыну вінаватай ў здзяйсненні дарожна-транспартнага здарэння пад Гродна, падчас якога загінула сямейная пара.
Нагадаем, 31 траўня ў вёсцы Каробчыцы дырэктарка адной з гродзенскіх турфірмаў, якая на Toyota Land Cruiser выехала з другараднай дарогі, лоб у лоб сутыкнулася з Пежо-406. У аварыі на месцы загінула сям’я пенсіянераў — 62-гадовы мужчына і яго 60-гадовая жонка.
Высветлілася, што жанчына кіравала машынай у нецвярозым стане. Таксама стала вядома, што дырэктарка фірмы з 2011 года 13 разоў парушыла правілы дарожнага руху.
Суд пакараў віноўніцу аварыі 7 гадамі пазбаўлення волі з умовай адбыцця тэрміну ў калоніі-пасяленні. Таксама ёй забаронена 5 гадоў кіраваць усімі транспартнымі сродкамі. У якасці кампенсацыі маральнай шкоды сям'я загінулых атрымае 420 млн рублёў.
Па словах адваката асуджанай, прысуд будзе абскарджаны ў абласным судзе на працягу 10 дзён.
Фота — autogrodno.by