У Гомельскім раёне аўтамабіль згарэў разам з кіроўцам (фота)
Здарэнне адбылося 19 лютага ў пасёлку Мільча Гомельскага раёна.
Як паведамляе прэс-служба выратавальнікаў, "Фольксваген-Гольф" гарэў адкрытым полымем, у ім знаходзіўся мужчына. Прэс-сакратар гомельскіх выратавальнікаў Руслан Габрылёў распавёў Еўрарадыё, што мужчыну з аўтамабіля спрабавалі дастаць.
Габрылёў: "Са словаў відавочцаў, мужчына пабачыў аўтамабіль, калі ён яшчэ стаяў на дарозе. Усярэдзіне было моцнае задымленне, агонь. Мужчына спрабаваў адчыніць дзверы, каб дапамагчы вызваліцца кіроўцу. Але было моцнае задымленне, агонь, і ён трапіць усярэдзіну не змог".
Потым аўтамабіль сам пачаў рухацца, праехаў каля 50 метраў, з'ехаў у кювет і ўспыхнуў. Па словах Габрылёва, хутчэй за ўсё, старцёр аўтамабіля пачаў працаваць з-за замыкання электраправодкі.
Выратавальнікі ліквідавалі ўзгаранне, дасталі загінулага кіроўцу. Яго асобу высвятляюць. Абставіны і прычыны трагедыі высвятляюцца.

Фота — mchs.gov.by