У Гомелі фанатаў больш не будуць прапускаць на футбол "праз аўтазакі"
Пра гэта стала вядома па выніках нарады кіраўніцтва футбольнага клуба "Гомель" і мясцовай міліцыі.
Як паведамляе прэс-служба клуба, пропуск заўзятараў у "фанацкія" сектары на стадыён будзе адбывацца на агульных падставах, "аўтазак" і іншая спецтэхніка больш выкарыстоўвацца не будуць. Будзе зменшаная колькасць АМАПаўцаў і яны будуць знаходзіцца не ў сектарах, а па іх перыметры. Кіраўніцтва міліцыі зверне ўвагу сваіх падначаленых на тое, што да заўзятараў трэба ставіцца з павагай.
Не павінна быць больш праблемаў з выхадам падчас матча з трыбуны ў прыбіральню. Вырашаныя пытанні з праносам банераў і сцягоў, пачынаецца стварацца інстытут сцюардаў.
Варта адзначыць, што менеджары ФК "Гомель" заявілі, што не будуць выкарыстоўваць на афіцыйным сайце такія фармулёўкі з афіцыйных дакументаў міліцыі, як "хуліганы", "экстрэмісты" ў адносінах да фанатаў. Клуб звяртае ўвагу заўзятараў і на іх абавязкі. Між іншым, забароненае скандаванне з нецэнзурнымі словамі, за яго пагражае адміністрацыйная адказнасць.