У Францыі спрачаюцца праз асаблівыя ўмовы ў турме для Сарказі

Нікаля Сарказі

Нікаля Сарказі / Global look

У Францыі грамадскую палеміку выклікалі асаблівыя ўмовы ўтрымання экс-прэзідэнта Нікаля Сарказі ў турме Сантэ.

Ён быў асуджаны на пяць гадоў за атрыманне грошай ад Муамара Кадафі на сваю выбарчую кампанію.

Як піша RFI, экс-прэзідэнта круглыя суткі суправаджаюць два афіцэры службы бяспекі. Адзіночная камера Сарказі мае плошчу каля дзевяці квадратных метраў. У ёй ёсць уласны душ, тэлевізар, стацыянарны тэлефон, ложак і пісьмовы стол, трывала прымацаваныя да падлогі. Таксама ў камеры ёсць паліцы, пліта і халадзільнік. Карыстацца тэлефонам Сарказі можа толькі па загадзя ўхваленых нумарах і за свой кошт, але — неабмежавана па часе.

Яму дазволены гадзінны шпацыр штодня ва ўнутраным двары і тры спатканні з блізкімі на тыдзень працягласцю ад трох да шасці гадзін. Адвакаты могуць наведваць яго без абмежаванняў.

Афіцэры службы бяспекі займаюць суседнюю з Сарказі камеру. Яны суправаджалі яго і да арышту, бо экс-прэзідэнту належыць ахова. Гэтыя афіцэры ўзброеныя, але не маюць пры сабе мабільных тэлефонаў. Яны працуюць зменамі па 12 гадзін: па чарзе дзяжураць каля камеры палітыка.

Супрацоўнікі турмы абураныя гэтай мерай. Яны мяркуюць, што гэта не толькі ставіць пад сумнеў іх здольнасць выконваць сваю працу, але і стварае праблемы на ўзроўні іерархіі. "Калі нешта здарыцца, што будуць рабіць паліцыянты? Каму яны будуць падпарадкоўвацца?" — цытуюць СМІ словы аднаго з іх.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.