Украіна і заходнія саюзнікі прапанавалі перамір’е, Пуцін — перамовы без умоваў

Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон, канцлер Германіі Фрыдрых Мерц, прэм'ер Вялікабрытаніі Кір Стармер у Кіеве, 10 траўня 2025 года

Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон, канцлер Германіі Фрыдрых Мерц, прэм'ер Вялікабрытаніі Кір Стармер у Кіеве, 10 траўня 2025 года / Reuters

Украіна і яе заходнія партнэры выступілі з ініцыятывай поўнага і безумоўнага спыненьня агню на працягу 30 дзён, пачынаючы з 12 траўня. Пра гэта было заяўлена 10 траўня пасля візіту ў Кіеў лідараў Францыі, Польшчы, Вялікабрытаніі і Нямеччыны. Прэм’ер Вялікабрытаніі Кір Стармэр падкрэсліў: калі прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін сапраўды хоча міру, цяпер настаў час гэта даказаць.

У адказ у ноч на 11 траўня Ўладзімір Пуцін выступіў з прапановай аднавіць прамыя перамовы паміж Расіяй і Украінай, перапыненыя яшчэ ў 2022 годзе. Ён заявіў, што Масква гатовая пачаць дыялог ужо 15 траўня ў Стамбуле — там, дзе раней ужо праводзіліся сустрэчы. Пры гэтым Пуцін падкрэсліў, што перамовы мусяць адбывацца "без усялякіх папярэдніх умоваў".

Пуцін таксама паведаміў пра планаваную размову з прэзідэнтам Турэччыны Рэджэпам Эрдаганам адносна арганізацыі перамоваў. На яго думку, гэтыя перамовы павінны быць скіраваныя на вырашэнне перадумоў канфлікту і дасягненне трывалага міру. Расія, паводле яго словаў, не выключае магчымасці новага перамір’я, калі яно будзе "рэальным".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.