У ЕАЭС распрацуюць механізм процідзеяння санкцыям — Галоўчанка

Пасяджэнне Еўразійскага міжурадавага савета ў Алматы / БЕЛТА
Беларусь прапанавала партнёрам па Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС) выпрацаваць механізм сумеснага процідзеяння санкцыям, распавёў прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка ў эфіры Беларускага тэлебачання.
Ідэя прагучала на пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета ў Алматы 5 лютага. Яе агучыў Мінск —прапанаваў ужываць сумесныя меры "ў сувязі з эканамічным ціскам на адну з краін Саюза".
"І нашы пазіцыі былі ўлічаны пасля гарачых дыскусій", — сказаў Галоўчанка.
ЕАК дадзена даручэнне сфармуляваць крытэрыі, на аснове якіх будзе выпрацоўвацца механізм мер у адказ.
"Партнёры нас чуюць і разумеюць, што калі мы блок, калі мы саюз, то адпаведна ўздзеянне або ціск на аднаго з членаў саюза павінна ўспрымацца як ціск на ўсю арганізацыю", — патлумачыў пазіцыю Мінска Галоўчанка.
Беларусь трапіла пад санкцыі Еўрасаюза пасля выбараў прэзідэнта — з-за масавага парушэння правоў чалавека і падазрэнняў у фальсіфікацыі вынікаў выбараў. Было прынята ўжо тры пакеты санкцый. Апошні —зацверджаны 17 снежня. У яго ўвайшло 29 чалавек (у дадатак да ранейшых 55) і сем юрыдычных асоб.
Еўрапейскія санкцыі могуць быць уведзеныя і ў дачыненні да Расеі. Гэта не выключыў кіраўнік дыпламатыі ЕС Жазэп Барэль. Паводле вынікаў свайго візіту ў Маскву 4-6 лютага, дзе ён абмяркоўваў у тым ліку лёс Аляксея Навальнага, Барэль напісаў, што "вярнуўся ў Брусэль з глыбокім непакоем з нагоды перспектыў развіцця расійскага грамадства і геастратэгічнага выбару Расіі". Ён адзначыў, што будзе абмяркоўваць расійскую сітуацыю з калегамі — міністрамі замежных спраў ЕС. Ім трэба будзе выпрацаваць наступныя крокі, "і так, яны могуць уключаць санкцыі", адзначыў Барэль.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.