“Мы ўчора з рабскай галеры трапілі на баль” — вызваленыя палітвязні

Палітвязні падчас прэс-канферэнцыі

Палітвязні падчас прэс-канферэнцыі / LookbyMedia

“Слёзы наварочваліся, калі мы прыехалі ў Літву, і калі прадстаўнік ЗША сказаў: “Вы цяпер свабодныя людзі, містэр Трамп зрабіў усё магчымае, каб гэта сталася” — гэта сапраўды было прыемна і нечакана”, — сказаў Глеб Гладкоўскі, вызвалены 11 верасня палітвязень.

12 верасня ў Вільні прайшла прэс-канферэнцыя з вызваленымі напярэдадні палітвязнямі. Гэта адбылося пасля чарговых перамоваў паміж Лукашэнкам і прадстаўніком адміністрацыі Дональда Трампа Джонам Коўлам.

Агулам у спісе апынуліся 52 асобы (14 — замежныя грамадзяне), сярод якіх вядомыя палітыкі, актывісты і журналісты. Але не ўсе даехалі да Вільні. Пасля некалькіх гадзін, праведзеных на нейтральнай тэрыторыі, Мікола Статкевіч вярнуўся ў Беларусь. Да гэтага моманту невядома ягонае дакладнае месцазнаходжання.

На канферэнцыі прысутнічала 20 вязняў. Першай іх прывітала Святлана Ціханоўская:

— Дзякуй, што выстаялі, дзякуй, што вытрымалі. Гэта быў цяжкі і эмацыйны дзень для нас усіх.

“Мы ўчора з рабскай галеры трапілі на баль” — вызваленыя палітвязні
/ LookByMedia

Ціханоўская сказала, што дэмакратычны рух шануе асабістую ролю прэзідэнта ЗША “ў гэтым гуманітарным працэсе”. Таксама палітык асабліва падзякавала кіраўніцтву Літвы за тое, што тая аператыўна прыняла палітвязняў, аформіла дакументы і дапамагла на мяжы.

— Мы радыя бачыць людзей на волі, але давайце называць рэчы сваімі імёнамі. Тое, што адбылося ўчора — гэта не вызваленне, а прымусовая дэпартацыя.

Ціхханоўская параўнала ўчынак Міколы Статкевіча з ўчынкам Марыі Калеснікавай, якая пры спробе дэпартацыі парвала свой пашпарт.

“Мы ўчора з рабскай галеры трапілі на баль” — вызваленыя палітвязні

Спарыш пераказаў словы Статкевіча, што “цяпер нацыя ўжо сфармавана, але няма дзяржавы”. Адпаведна, яе трэба здабыць.

— Не можа быць нацыі без лідара, які знаходзіцца ў краіне — таму Статкевіч застаўся ў Беларусі.

Спарыш заклікаў "не дзяліць скуру незабітага Лукашэнкі", а ўсімі магчымымі метадамі абараніць Статкевіча:

— Калі Трамп сказаў, што Статкевіч мусіць быць вызвалены — ён мусіць быць вызвалены і мусіць камунікаваць з вамі з Мінску.

Дзмітры Кучук

Кіраўнік партыі “Зялёныя” распавёў, што гісторыя ягонага пераследу пачалася са смерці Аляксея Навальнага ў лютым 2024 года. Ён тады набыў ружы і пайшоў да расійскай амбасады, нягледзячы на рызыку сесці.

Ён расказаў пра свой досвед 30 сутак у ІЧУ цесную камеру, у якой было 30 чалавек, недахоп прасторы, каб проста легчы, перамяшчэнні з канвоем толькі ў пазіцыі “ластаўкі” і клапоў, ад якіх немагчыма было забыцца.

“Мы ўчора з рабскай галеры трапілі на баль” — вызваленыя палітвязні

У ПК-8, дзе Кучук адбываў пакаранне, яго залічылі ў “нізкі статус”. Ён кжа, што гэта адбылося праз яго кколішні ўдзел у круглым стале з прадстаўніком ЛГБТ-супольнасці.

Праз гэта няшмат вязняў выказвалі з ім салідарнасць. Наадварот, ён спазнаў рэгулярныя здзекі. Просьбы паклапаціцца пра ягоную бяспеку адміністрацыя адмаўляла. Кучук абвяшчаў галадоўкі і трапляў у ПКТ.

— Мяне пасадзілі за сценкай, дзе знаходзяцца міліцыянеры, і я чуў, што яны кажуць. Нада мною пачалі здзекавацца, казаць, што я чалавек на літару “П”. Я знаходзіўся ў камеры-адзіночцы, дзе чуў галасы людзей і розныя гукі — падаецца, што я з’язджаў з глузду. Бачыш чалавека, толькі калі прыносяць ежу. Чуеш трэш, які адбываецца ў розных камерах. Трэба спраўдзіць інфармацыю, але ў суседняй камеры знаходзіўся Алесь, якому надалі “нізкі статус”. Я чуў, як яму ўвечары запусцілі чалавека, які рабіў з ім нейкія рэчы. На наступную раніцу ў яго было ўдушша. Я нават не ведаю яго прозвішча. Здаецца, ён быў чэмпіёнам па адзінаборствам. Можа былі медыкі, можа мне падалося, я быў на галадоўцы і пазней у мяне пачаліся галюцынацыі [Еўрарадыё пакуль не змагло паацвердзіць гэтую гісторыю — рэд].

Кучуку заставалася адседзець яшчэ чатыры гады і пагражала два па новай справе.

— Для мяне гэтае вызваленне як глыток паветра. Калі б мяне не памілавалі, то я прабыў бы шэсць гадоў. А гэта страшна, калі вы шэсць гадоў праводзіце за тое, што ўдзельнічалі ў 2020 годзе ў мерапрыемстве і публікавалі пасты пра партыйную дзейнасць.

Мікола Дзядок

Блогер падзякаваў родным, таварышам па анархісцкім руху, краінам ЕС і людзям, якія прапаноўвалі простую дапамогу.

— Калі мы перасеклі мяжу, у аўтобус зайшоў доктар, які прапанаваў дапамогу. Я настолькі адвык, бо цягам пяці гадоў я чуў толькі здзекі, і тут я пабачыў чалавека, які хацеў штосьці добрае сказаць і пацікавіўся, ці патрэбная медычная дапамога. Нам раздалі ваду, крэкеры. Гэта можа падавацца дробяззю, але для нас не дробязь.

“Мы ўчора з рабскай галеры трапілі на баль” — вызваленыя палітвязні
/ LookByMedia

Падзякаваў Дзядок таксама Дональду Трампу за тое, што затурбаваўся лёсам тысячы палітзняволеных, еўрапейскім і беларускім палітыкам.

— Свет не ўяўляе маштабу таго, што адбываецца ў Беларусі. Тых парушэнняў правоў чалавека, тых здзекаў, гвалту ўсіх відаў: псіхалагічны, фізічны, сексуальны. Нам трох прэс-канферэнцый не хопіць, каб усё расказаць.

Дзядок узгадаў пра свой досвед года ў штрафным ізалятары.

— Я прачынаўся сярод ночы ад таго, што дарослыя мужыкі вылі і звалі сваю маму. Настолькі яны пакутавалі ад холаду. На маіх вачах людзі вар'яцелі. Нехта думае, што катаванні — гэта калі цябе ставяць на дугу і кляшчамі катуюць, а насамрэч гэтых людзей ні разу не пабілі. Я пераканаўся, што чалавека можна давесці да вяр’яцтва ці да смерці, проста пакінуўшы яго ў адзіночнай камеры.

Яўген Сямёнаў

— Мы ўчора з рабскай галеры трапілі на баль, — сказаў былы вязень напачатку сваёй прамовы. Ён звярнуў увагу на Эдуарда Бабарыку, які пакінуў “глыбокае ўражанне ў яго душы”.

— Мы шмат размаўлялі пра кнігі, псіхалогію, дзяўчат — на розныя рэчы. Яму дастаткова цяжка, але ён моцны, ён трымаецца.

Ірына Слаўнікава

“Мае пакуты, выпрабаванні, а галоўнае пакуты маіх родных, маіх сваякоў скончыліся”, — сказала рэдактарка Белсату. 

“Мы ўчора з рабскай галеры трапілі на баль” — вызваленыя палітвязні
/ LookByMedia

Ірына распавяла, што кожны дзень у жаночай калоніі ПК-4 — гэта штодзённы маральны стрэс. І трэба прыкладаць высілкі, бо там застаюцца “разумныя, прыгожыя, файныя, неверагодныя жанчыны”, сярод іх — Марыя Калеснікава, “такая ж прыгожая, з усмешкай, з чырвонымі вуснамі”.

Генадзь Фядыніч

Былы кіраўнік РЭП спрабаваў падбадзёрваць іншых. Ён згадаў, што ў калоніі да яго звярталіся проста — Фёдаравіч. А праз паўгода яго да сябе запрасіў начальнік аператыўнай групы, каб “пазнаёміцца”. Фядыніч прапанаваў стварыць прафсаюзную арганізацыю, а той спужаўся жарту.

У калоніі прафсаюзны дзеяч пачаў пісаць вершы (адзін нават зачытаў на канферэнцыі). Але ўсе тэксты, нават перапіскі, КДБ забрала. У апошнюю раніцу спецслужбісты абудзілі вязняў пад гімн і далі толькі гарбату ды лыжку кашы.

“Мы ўчора з рабскай галеры трапілі на баль” — вызваленыя палітвязні
/ LookByMedia

На пытанне пра свой стан здароўя Фядыніч адказаў: “Не дачакаюцца”. Але прызнаўся, што за час у калоніі ў яго з’явіўся дыябет.

Аляксандр Ярашук

Старшыня Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў асабліва падзякаваў беларускаму народу, “які даў сілы выстаяць у тых нечалавечых умовах”.

— Мы цудоўна ўсведамлялі, што працягваем слаўную гісторыю беларускага народу. Сёння спяваў Вольны хор і слёзы выступалі на вачах, бо немагчыма не адчуваць гэтую генетычную сувязь з маімі продкамі, справу якіх я працягваю.

Ярашук назваў шклоўскую калонію “фабрыкай катаванняў”.

— У першую ноч у ШЫЗА я думаў, што не перажыву яе, мне тады было 72 гады. Але як перажыў тую ноч, дык ведаў, што ніхто больш не зможа нада мной узяць верх. У той жа дзень, калі выйшаў, то сказаў “пайшлі вы далёка-далёка!” і пачаў спяваць. Я чакаў рэакцыі, але міліцыянты маўчалі, бо яны баяцца. І калі мы ехалі ўчора з кадэбэшнікамі — усе ў масках. Дык чаго яны баяцца, калі яны лічаць сябе гаспадарамі? Бо ведаюць, што рана ці позна за ўсё прыйдзецца адказваць.

Ларыса Шчыракова

Журналістка з Гомеля пачала сваю прамову з жарта: “Цяпер я буду галасаваць толькі за рэспубліканцаў".

Ларыса моцна спачувае хлопцам, якія сядзелі, бо яна не зведала такіх пакут. І прызналася, што ў СІЗА “крыху хуліганіла”, і нават нягледзячы на парушэнні, стаўленне да яе было карэктнае, хаця аднойчы ёй прыгразілі лёсам [Кацярыны] "Бахвалавай”.

“Мы ўчора з рабскай галеры трапілі на баль” — вызваленыя палітвязні
/ LookByMedia

Журналістка прызналася, што ў калоніі дапамагала ёй выжыць кніга Віктара Франкла “Скажы жыццю так”. Яшчэ вывучэнне псіхалогіі і моваў: італьянскай, іспанскай і французскай.

— Марыя Калеснікава параіла, што трэба браць Талстога “Вайну і мір” і Пушкіна “Лісты да жонкі”. Марына Золатава патлумачыла правілы чытання па-французску.

Сэнсы шукала нават праз прысяданні. А таксама іграла ў шахматы, спявала і чытала вершы. Да таго ж у Шчыраковай атрымалася арганізаваць паэтычную вечарыну. Нягледзячы на тое, што “палітычныя” збольшага паставіліся да гэтага негатыўна, атрымалася прыцягнуць людзей і нават прачытаць вершы Анатоля Сыса.

Але журналістка прызнаецца, што цяжка дараваць рэжыму тое, што спачатку два гады пражыла ў пекле пад пастаяннай пагрозай арышту, адседзела і была ввыкінутая з краіны. А таксама тое, што ўсё гэта паўплывала на яе сына, які назіраў затрыманне, ператрусы і ўдзельнічаў у допытах.

Аляксандр Манцэвіч

— У мінулым жыцці выдавец “Рэгіянальнай газеты”, а цяпер палітвязень. Што праўда, шмат хто застаецца палітвязнем, бо не можа вярнуцца ў Беларусь і да сем’яў, — журналіст прызнаўся, што не планаваў пакідаць радзіму і даведаўся пра гэта толькі бліжэй да літоўскай мяжы.

“Мы ўчора з рабскай галеры трапілі на баль” — вызваленыя палітвязні
/ LookByMedia

— Людзей, асабліва, слабых, спрабуюць падкупіць, каб яны “стукалі”. Шмат салідарнасці губляецца. А калі адмаўляешся — цябе кідаюць у халодную камеру. Не будзеш рабіць так, будзеш сядзець як Бандарук, у ШЫЗА.

Як вырашаць праблему з пашпартамі?

Святлана Ціханоўская на канферэнцыі распавяла, што ў 10 асобаў няма пашпартоў, і яшчэ патрэбна крыху часу, каб зразумець, якія дакументы ёсць на руках у людзей.

— Людзі не будуць пакінутыя сам-насам. Кожны атрымае і дапамогу, і легалізацыю [у Літве, — Еўрарадыё]. Калі ўзнікнуць праблемы па Дублінскім рэгламенце [які прадугледжвае, што статус уцекача даюць у краіне першага ўезду, — Еўрарадыё], то будуць прымацца нестандартныя падыходы.

Палітвязень Сяргей Спарыш дадаў, што апроч пашпарта ў яго забралі заручальны пярсцёнак і дзевяць кніг. А Мікола Дзядок звярнуў увагу, што да самага моманту перадачы “ў рукі еўрапейцаў” вязняў пастаянна абражалі і прэсавалі маральна.

Смерць Андрэя Паднябеннага

Вячаслаў Лазараў, які выйшаў з ПК-15, расказаў пра Андрэя Паднябеннага, які днямі загінуў “ад удушша”. Ён кажа, што падчас іх размоваў Андрэй быў у “нармальным псіхалагічным стане”.

— У яго былі добрыя стасункі ў калектыве і не было думак пра самагубства.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.