У Дзяржынскім раёне міліцыянт страляў па п'янай кампаніі

Як інфармуе БЕЛТА, глыбокай ноччу 17 лістапада ў міліцыю паступіла ад грамадзян паведамленне, што ў мястэчку Энергетыкаў на прыпынку грамадскага транспарту шуміць моладзь. На месцы міліцыянты пабачылі кампанію маладых людзей, якія паводзілі сябе шумна. З дынамікаў прыпаркаваных паблізу аўтамашын грымела музыка. Большасць прысутных была нецвярозай.



Супрацоўнікі міліцыі зрабілі маладым людзям заўвагу. Аднак п'яныя хлопцы адказалі лаянкай і збірался працягнуць "вечарынку" ў тым жа фармаце. Участковы абвясціў самаму агрэсіўнаму з мужчын, што ён затрыманы і павінен прайсці з ім у РАУС. У адказ мужчына і некалькі яго сяброў пачалі біцца з міліцыянтамі. Участковы папярэдзіў, што будзе страляць, і тройчы стрэліў у паветра. Тым не менш нападнікі працягвалі біцца. Тады ўчастковы зрабіў яшчэ адзін папераджальны стрэл, а двума прыцэльнымі стрэламі параніў завадатара ў нагу. Толькі пасля гэтага нападнікі паспрабавалі ўцячы на аўтамашынах з месца здарэння. Адзін з аўтамабіляў быў затрыманы праз 15 хвілінаў выкліканым на дапамогу нарадам ДАІ.



Паранены 26-гадовы мінчук трапіў у лякарню. Два яго прыяцелі, жыхары вёскі Гарбузы, затрыманыя і знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання. Асобы астатніх васьмі ўдзельнікаў інцыдэнту выяўленыя. Следчы камітэт пачаў крымінальную справу за супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў.



Фота — ru.tsn.ua