У чатах распаўсюджваецца фэйкавая апытанка ад імя Аб'яднанага кабінета
Фэйкавая апытанка / АПК
У беларускіх чатах стала распаўсюджвацца фэйкавая апытанка ад імя Аб'яднанага пераходнага кабінета. Яе запусцілі паралельна з рэальнай апытанкай ад АПК.
Маргарыта Ворыхава, прадстаўніца па моладзевай палітыцы і студэнцтве АПК, папярэджвае пра фэйк:
"Мы праверылі: анкету, якая цяпер распаўсюджваецца ў публічных чатах нібыта ад імя Кабінета, стварылі не мы. Гэта фэйк. Яна вельмі падобная на арыгінальную анкету, але збірае e-mail адрасы, што ўжо выклікае пытанні. Мы ж наўмысна не збіраем персанальныя даныя, каб не падвяргаць вас небяспецы".
Ворыхава заклікае ўсіх быць уважлівымі і не давяраць інфармацыі, якая распаўсюджваецца праз неправераныя кантакты і ананімныя акаўнты. Яна прапануе не запаўняць падазроныя апытанкі і паведамляць у АПК пра такія выпадкі.
Актуальная анкета ад Прадстаўніцтва па моладзевай палітыцы і студэнцтве даступная па гэтай спасылцы. Яна распаўсюджваецца толькі праз афіцыйныя акаўнты Кабінета і платформу "Гэта моладзь".