У цэнтры акупаванага сепаратыстамі Луганска прагрымелі два выбухі

У цэнтры акупаванага сепаратыстамі Луганска прагрымелі два выбухі

Два выбухі прагрымелі ў пятніцу ў цэнтры Луганска з розніцай прыкладна ў адну гадзіну. Як паведамляюць украінскія СМІ, у выніку першага выбуха загінуў адзін чалавек, пяцёра параненыя.

Выбух адбыўся непадалёк ад Дома ўраду ў Луганску. Мяркуецца, што спрацавала выбуховае прыстасаванне, закладзенае ў сметніцу каля харчовай крамы. Бомба была самаробная, начыненая рэзанай арматурай.

Ахвярай выбуху стала капітан медыцынскай службы Народнай міліцыі ЛНР, сярод пацярпелых ёсць мірныя грамадзяне.

Другі выбух адбыўся на плошчы Героеў Вялікай Айчыннай вайны ў цэнтры горада і быў меншай магутнасці, чым першы. Пацярпелі два чалавекі.

Улады самаабвешчанай ЛНР назвалі гэтыя інцыдэнты тэрактамі і ўсклалі адказнасць за іх на “украінскіх дыверсантаў”.

Украінскія ўлады ў сваю чарго лічаць выбухі правакацыямі з боку сепаратыстаў і не выключаюць, што гэта пачатак новай серыі тэрактаў, мэта якіх — сарваць перамір’е на Данбасе.