У Брэсце прайшоў першы з пачатку жніўня дождж
Гэты месяц выдаўся засушлівым па ўсёй краіне.
У Беларусі зноў зафіксаваныя тэмпературныя рэкорды пасля двух тыдняў адноснай прахалоды. 25 жніўня абноўленыя максімумы дня ў Мінску і Гродне. У сталіцы ў аўторак паветра прагрэлася да 30,3 градуса — ранейшы рэкорд быў зафіксаваны 25 жніўня 1995 года, калі тэмпература паветра склала 29,6 градуса. У Гродне было 31,5 градуса супраць 30,2 у 1985 годзе. А ў Брэсце паўтораны рэкорд, зарэгістраваны 30 гадоў таму — 31,2 градуса.
Найцяплейшымі гарадамі ўчора былі Пінск і раён метэастанцыі “Палеская” ў Брэсцкай вобласці — 32 градусы. Пры гэтым у Пінску пабіты рэкорд дня 20-гадовай даўніны (30,6 градуса).
Учора ўвечары ў Брэсце пайшоў першы з пачатку месяца дождж. Жнівень увогуле выдаўся засушлівым па ўсёй краіне. Так, у Віцебску з пачатку месяца выпала толькі 1% ад месячнай нормы ападкаў, у Гродне — 1,4%, у Мінску — 4%, у Гомелі — 9,6%, у Магілёве — 14,8%, перадае БелаПАН.