У Брэсце пасля канфлікту з міліцыяй памёр пенсіянер

У Брэсце пасля канфлікту з міліцыяй памёр пенсіянер

У Брэсце Следчы камітэт праводзіць праверку з нагоды смерці 72-гадовага Віктара Сітнікава.

Здарэнне адбылося ўвечары 16 красавіка. У каментары сайту onliner.by брэстаўчанка Крысціна распавяла: ёй затэлефанавала бабуля і сказала, што каля пад'езду яе дзеда штурхаюць міліцыянты. Крысціна прыехала да дома і знайшла дзеда, які нядаўна перанёс інсульт, у непрытомным стане. "Хуткая дапамога", якая прыбыла на месца здарэння, канстатавала смерць.

Афіцыйная прычына смерці — вострая сардэчна-сасудзістая недастатковасць. Як значыцца ў высновах экспертаў, у Віктара Сітнікава была хранічная ішэмічная хвароба сэрца, буйнаачаговы постінфарктны кардыясклероз і атэракальцыноз каранарных артэрый.

Міліцыянты заяўляюць, што мужчына разам са сваімі сябрамі распіваў спіртныя напоі на вуліцы. Калі да іх падыйшоў нарад, кажуць яны, пенсіянер накіраваўся дадому і яму стала дрэнна. У афіцыйным каментары паведамляецца, быццам міліцыянты аказвалі Сітнікаву першую далекарскую дапамогу і нават далі валідол.

Тым часам у сацыяльных сетках пішуць, што шэсць міліцыянтаў моцна збілі пенсіянера.

Удава памерлага кажа, што мужчына зусім не піў, бо прымаў лекі. Унучка Крысціна заяўляе, што ў раёне нырак у дзеда былі трупныя плямы, якія, па словах медыкаў, маглі з'явіцца ад удараў. Сваякі памерлага звярнуліся ў Следчы камітэт.

Праверку па гэтым факце праводзіць Брэсцкі міжраённы аддзел Следчага камітэта. У каментары СК гаворыцца, што мужчына пасля распіцця спіртных напояў у грамадскім месцы адмаўляўся прайсці ў апорны пункт. Паведамляецца таксама, што пенсіянеру стала кепска, калі з пад'езда выйшла яго жонка. Следчыя сцвярджаюць, што ў мужчыны на руцэ былі два сінякі — "адзін з якіх даўнасцю каля двух сутак, другі — каля тыдня". Іншых цялесных пашкоджанняў на целе мужчыны не выяўлена.

"З тлумачэнняў жонкі памерлага, ніякіх цялесных пашкоджанняў супрацоўнікі міліцыі мужу не прычынялі", — дадаюць у Следчым камітэце.

У Брэсце пасля канфлікту з міліцыяй памёр пенсіянер