У Брэсце на пешаходным пераходзе збілі трох чалавек, яны ў бальніцы

Раніцай 12 траўня ў Брэсце на вуліцы Маскоўскай здарылася дарожна-транспартнае здарэнне, у выніку якога пацярпелі пешаходы. Як паведамляе "Віртуальны Брэст", на святлафоры каля Дома культуры прафсаюзаў аўтамабіль Chevrolet спыніўся на чырвонае святло. Неўзабаве ззаду да яго пад'ехаў на вялікай хуткасці (па словах відавочцаў) Fiat, адбылося сутыкненне. Ад удару Chevrolet паляцеў на людзей на пешаходным пераходзе.

У ДАІ кажуць, што пацярпелі тры пешаходы — дзве жанчыны (1970 і 1978 гадоў нараджэння) і мужчына (1961 года нараджэння). Іх шпіталізавалі ў абласную бальніцу з пераломамі і траўмамі. 37-гадовая жанчына знаходзіцца ў рэанімацыі.

Адзначаецца, што аўтамабілем Chevrolet кіраваў 40-гадовы жыхар расійскага горада Нальчык, аўтамабілем Fiat — таксама 40-гадовы мужчына. Ніхто з іх не пацярпеў.

Фота: virtualbrest.by