У Беларусі збіраюцца вызначыцца з сістэмай рэгулявання цэн да 25 сакавіка
Урад атрымаў месяц на "дапрацоўку" / БЕЛТА
У Беларусі збіраюцца вызначыцца з сістэмай рэгулявання цэн да 25 сакавіка. Пра такое даручэнне Аляксандра Лукашэнкі ўраду паведаміў першы намеснік прэм'ер-міністра Мікалай Снапкоў. У пятніцу Лукашэнка правёў нараду па гэтай тэме. Было прынята рашэнне, што існуючая сістэма рэгулявання цэн будзе дапрацавана.
"Урад прапанаваў два варыянты: першы — кароткатэрміновы, другі — сярэднетэрміновы, — кажа Снапкоў. — Кароткатэрміновы пабудаваны на прапанове бізнесу".
Старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі Іна Мядзведзева адзначае, што ў дапрацоўцы сістэмы рэгулявання цэн возьмуць удзел і кіраўнікі абласцей, і кіраўнікі міністэрстваў, канцэрнаў. Урад падрыхтуе выніковы дакумент, які і атрымае Лукашэнка да Дня Волі.