У Беларусі затрымалі буйную групу, якая "адмывала" грошы рэальнага сектара
За час свайго існавання злачынная група атрымала прыбытак больш за 350 мільярдаў рублёў.
Фінансавая міліцыя Камітэта дзярэкантролю арыштавала на рахунках ілжэпрадпрымальніцкіх структур 4 мільярды рублёў. Як паведамляе БелаПАН, спярша фінансавая разведка звярнула ўвагу на групу арганізацый, якая пералічвала значныя сумы на адрас нерэзідэнтаў Беларусі. Дэталёвае вывучэнне паказала, што гэтыя фірмы належаць да ілжэпрадпрымальніцкіх структур.
Каб прыкрыць свае незаконныя аперацый па вывадзе грошай за мяжу, яны дэкларавалі імпарт з Расіі медычных вырабаў. А плацяжы за тавар афармлялі на рахункі кампаній Вялікабрытаніі. Насамрэч грошы належалі беларускім арганізацыям рэальнага сектара эканомікі і перакідваліся на рахункі ілжэструктураў, каб сыскі ад падаткаў.
Праваахоўнікі высветлілі, што ў склад злачыннай групы ўваходзілі жыхары Мінска. Паведамляецца, што гэта была вялікая група, у якой ролі ўдзельнікаў былі дакладна распісаныя. За час свайго існавання група атрымала прыбытак больш за 350 мільярдаў рублёў.
Фінансавая міліцыя затрымала чатырох арганізатараў і актыўных удзельнікаў групы. Затрыманыя і службовыя асобы кампаній рэальнага сектара эканомікі, якія карысталіся паслугамі групы. Усе яны ўзятыя пад варту. Вядуцца крымінальныя справы.
Работнікі фінансавай міліцыі правялі больш за 80 ператрусаў. Падчас іх было канфіскавана больш за 170 тысяч долараў, 7 тысяч еўра, пячаткі ілжэструктур, ключы аддаленага доступу "Кліент-банка", камп'ютарная тэхніка, бухгалтарскія дакументы ды іншыя носьбіты інфармацыі.
На маёмасць падазраваных (катэдж, кватэры, дарагія аўтамабілі, ювелірныя ўпрыгожанні) накладзены арышт на агульную суму больш за 2 млн долараў. Таксама праваахоўнікі прыпынілі расходныя аперацыі кліентаў ілжэструктур, на разліковых рахунках якіх арыштавана больш за 4 млрд рублёў.
Ад службовых асоб кампаній у Мінску і Гомелі паступіла 12 явак з пакаяннем.
Фота — runyweb.com