У Беларусі забаранілі збіраць грыбы, якія каштуюць па 120 еўра за кг

Чорныя лісічкі, ілюстрацыйнае фота / wikigrib.ru
Навукоўцы Беларусі ўнеслі ў Чырвоную кнігу некалькі відаў ядомых грыбоў. За іх збор пагражае штраф да 1260 рублёў (30 базавых велічыняў).
Агулам у Чырвоную кнігу навукоўцы-батанікі прапанавалі ўнесці сем відаў грыбоў "у сувязі са значным скарачэннем раней вядомых месцаў росту":
павуціннік залаціста-руды (Cortinarius aureofulvus Moser);
вароначнік ражкавідны (Craterellus cornucopioides (L.) Pers.);
каштанавы грыб, каштанавік (gyroporus castaneus (Bull.) Quél.);
сыраежка залацістая (Russula aurea Pers.);
сыраежка сарданіксавая (Russula sardoniа Fr.);
вальварыела шаўкавістая (Volvariella bombicina (Schaeff.) Singer);
ксілабалюс панцырны (Xylobolus frustulatus (Pers.) P. Karst.).
Сярод іх ёсць як мінімум тры віды ядомых — каштанавік, вальварыела шаўкавістая і чорная лісічка (вароначнік ражкавідны). У літаратуры як ядомая пазначаецца і сыраежка залацістая.
Напэўна, самы цікавы від — чорныя лісічкі. Па смаку яны, як пішуць, не саступаюць сваім жоўтым братам. Два гады таму чорныя лісічкі знайшлі ў гідралагічным заказніку "Рычы" ў Браслаўскім раёне. І гэта, між іншага, вельмі дарагі грыб: адзін кілаграм чорных лісічак каштуе каля 120 еўра.
Дарэчы, дзевяць відаў грыбоў з Чырвонай кнігі выкраслілі: іх у Беларусі ўжо даўно не знаходзілі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.