У Беларусі за "падпольную дзейнасць" затрымалі плыўца
Дзмітрый Шчэмер / vk.com
Сілавікі паведамляюць пра чарговае затрыманне. Па іх версіі, яно адбылося выпадкова — звярнулі ўвагу на чахол на тэлефоне з надпісам "маліцеся за Беларусь" на англійскай мове і выявай нацыянальнай сімволікі. Сцвярджаецца, што мужчына ўдзельнічаў у акцыях пратэсту і "вёў падпольную дзейнасць па абклейванні грамадскіх месцаў дэструктыўнымі стыкерамі". За ўсё гэта пагражаюць крымінальнай адказнасцю.
Як піша "Наша ніва", затрыманы — гэта 29-гадовы Дзмітрый Шчэмер. Ён доўгі час займаўся плаваннем і мае разрад кандыдата ў майстры спорту.
Пасля затрымання ў тэлефоне Шчэмера нібыта знайшлі відэа з пратэстаў 2020-га, а таксама фота з дваравога чату, дзе ён прапануе людзям макеты пратэсных налепак.