У Беларусі ўзмацняюць кантроль за выкананнем перавозак пасажыраў
Такое рашэнне сёння прыняло Міністэрства транспарту і камунікацый.
Мінтранс нагадвае кіраўнікам турыстычных кампаній аб неабходнасці выконваць патрабаванні па забеспячэнні бяспечнай перавозкі пасажыраў. "Кантроль за арганізацыяй і выкананнем перавозак пасажыраў, у тым ліку турыстычных, у Беларусі будзе ўзмоцнены", — цытуе словы прэс-службы міністэрства "Интерфакс-Запад".
Нагадаем, раніцай 11 ліпеня ў аварыю на Валыні патрапіў аўтобус з 50 пасажырамі-беларусамі (сярод іх — 40 падлеткаў), які ехаў на балгарскі курорт. Загінулі 8 чалавек (адзін хлопчык з Беларусі, 2000 года нараджэння, яшчэ двое замежнікаў, астатнія — украінцы), 30 чалавек атрымалі траўмы (22 з іх — грамадзяне нашай краіны).
УНІАН інфармуе, што аўтобус належыць адной з балгарскіх турыстычных фірмаў, ім кіравалі двое вадзіцеляў-балгараў. Абодва яны загінулі.